У Беластоку сабралі дапамогу для тэрытарыяльнай абароны Украіны
Спальнікі, тэрмавопратка, лекі і перавязачныя матэрыялы. Гэта пералік толькі часткі таго, што атрымалася сабраць беларусам для ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны падчас 2-гадзіннай акцыі ля сценаў Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку.
Безумоўна, не абыйшлося і без міні-мітінгу, падчас якога выступоўцы яшчэ раз нагадалі пра тое, што беларусы не адказваюць за дзеянні рэжыму Лукашэнкі, які стаў агрэсарам нараўне з Расеяй супраць Украіны. Таксама збіраліся подпісы пад петыцыяй перайменавання вуліцы, дзе знаходзіцца беларускае консульства. Ці варта пераназваць частку вуліцы Электрычнай у вуліцу імя Свабоднай Беларусі і што канкрэтна было прынесена беларусамі для ўкраінскага фронту распавялі ўдзельнікі акцыі і непасрэдна арганізатар збору Ян Абадоўскі:
– Гэта збіраецца для байцоў тэрытарыяльнай абароны, якія сёння змагаюцца з расейскімі акупантамі. Рэчы, якія мы збіраем, пазней паедуць у Кіеў, Харкаў ды іншыя гарады. Спачатку паедуць да Луцка, а потым з Луцка – на Усход.
Яўген Вапа:
– Вельмі добрая ініцыятыва. Толькі трэба спадзявацца, што спадар прэзідэнт і яго радныя, але думаю, што і радныя з другіх клубаў, якія ёсць у Радзе, аднагалосна прымуць такую пастанову. І гэтая частка пры беларускім консульстве натуральна, яна і так з дваццатага года – зона свабоднай Беларусі, яна існуе тут рэальна, дэ-факта, і ўжо на наступныя вякі тут будзе вуліца Свабоднай Беларусі. І консульства будзе заўсёды знаходзіцца пры вуліцы Свабоднай Беларусі. Таму хай жыве Беларусь і хай жыве былая вуліца Электрычная, а зараз вуліца Свабоднай Беларусі!
Падчас збору беларусамі рэчаў для ўкраінскай тэрытарыяльнай абароны таксама былі сабраныя грашовыя сродкі памерам каля 1500 злотых. Гэтыя сродкі пойдуць на набыццё рацый для абаронцаў Украіны. Чакаецца, што ўсё сабранае трапіць непасрэдна да атрымальнікаў у Луцку 9-10 сакавіка.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя